08.12.2020
Спяшаецца чароўны Новы год
Усе чакаюць навагодніх свят! І наша школа не выключэнне. Бо, вядома ж, чаканне Новага года, падрыхтоўка да яго пашыраюць межы святочных дзён, павялічваюць колькасць станоўчых эмоцый. А ў сувязі з непрыемнай для ўсіх нас эпідэміялагічнай сітуацыяй гэта дапаможа хоць на нейкі час забыць усё нядобрае і задаць пэўны настрой, зрабіць надыходзячы Новы год традыцыйна чароўным, цудоўным святам.
Вучні актыўна рыхтуюцца да Новага года. Яны з непадробнай заўзятасцю займаюцца ўпрыгожаннем школы. На вокнах з’яўляюцца цікавыя, казачныя малюнкі: ялінкі, сняжынкі, снегавікі, зайчыкі, мядзведзі…А якая цудоўная выстава, прысвечаная навагоднім святам, з’явілася ў школе! У ёй вучні адлюстравалі ўсе свае ўяўленні пра Новы год. У фае аформлена яркая тэматычная фотазона. Таму са школы можна прынесці не толькі цудоўны настрой, але і запамінальныя навагоднія здымкі.
Поўным ходам праходзіць і распрацоўка ранішнікаў, якія ў гэтым годзе будуць праводзіцца толькі ў межах кожнага класа. Але Дзед Мароз завітае павіншаваць усіх вучняў з надыходзячым святам. Мы спадзяемся, што Новы год прынясе ўсім здароўе, пазітыў, добры настрой і здзяйсненне ўсіх пажаданняў.